«Я ўжо перакладаю далей». Вялікае інтэрв’ю з перакладчыцай Гары Потэра

belpotter14/12/2019Книги

З якой мовы пераклалі Гары Потэра, якія цяжкасці былі, чаму галоўны герой не будзе есці дранікі і ці будзе працяг?
На прэзентацыі кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень» на беларускай мове Алена Пятровіч адказала на цікавыя пытанні, а мы ўсё запісалі!

Калі вы прачыталі Гары Потэра?

- Гэту кнігу я прачытала параўнальна нядаўна. Мне было 25–27 гадоў, не памятаю, але я чытала яе не падлеткам. Так гістарычна склалася, што спачатку я чытала па-руску. А калі дайшла да пятай кнігі, то ўзяла ў пляменніцы на англійскай. Але астатнія 2 таксама чытала па-руску. 

Чаму вы абралі менавіта выдавецтва «Янушкевіч»?

- Калі я ўпершыню чытала кнігу, падумала, што павінна перакласці яе на беларускую. У мяне нават варыянтаў не было, што гэта буду не я.
Пачала перакладаць пасля таго, як мой сябар прывёз з Англіі ўсе тамы. Потым напісала ліст у «Янушкевіч» з першым кавалкам перакладу. Больш нікуды і не звярталася.

І як вам перакладалася?

- Я пачала перакладаць тады, калі ў мяне яшчэ не было дамовы. Спачатку хутка пераклала даволі значную частку тэксту, а пасля была паўза, я перакладала кавалачкамі. Урэшце рэшт я паехала ў Кіеў, зняла там кватэру на тыдзень, каб ні на што не адцягваць увагу і мяне ніхто не турбаваў, і даперакладала да канца. Хоць канчатковага зацвярджэння мяне як перакладчыцы яшчэ не было.

У вас было нейкае хваляванне, калі ўзгаднялася ваша кандыдатура?

- Вядома, баялася, я ўвогуле па жыцці песімыстка. Калі даведалася, што мне трэба зрабіць CV для праваўладальнікаў, выявіла, што ў мяне няма спісу перакладаў, хоць я перакладаю больш за 10 гадоў. Гэта быў дзіўны кавалак працы. Мяркую, што дапамагла ўзгадненню мая спецыяльнасць — у мяне кандыдацкая па лінгвістыцы.

З якой мовы вы перакладалі, ці не з рускай?

- Сёння вельмі дзіўна думаць, што кнігу будуць перакладаць з рускай мовы. У тым сэнсе, што англійская не рэдкая мова, усе яе ведаюць. Таму не, я не паракладала з рускай мовы, а рабіла гэта з англійскай. 

Ці глядзелі вы на іншыя пераклады? 

- У мяне няма кнігі на рускай. Ужо пасля перакладу, я глядзела, што рабілі з нейкімі момантамі польскія і ўкраінскія перакладчыкі. І таксама залазіла ў розныя аматарскія пераклады на рускую, якіх шмат у інтэрнэце.

Ці ёсць якія-небудзь маркеры таго, што пераклад быў з англійскай?

- Я не гатова сказаць, якія моманты адрозніваюцца, бо я проста не перачытвала рускае выданне. Але вельмі проста гэта праверыць. Усе, хто недавярае, могуць адкрыць мой пераклад, а таксама рускі, англійскі і параўнаць. 

Я не люблю, калі мне штосьці разжоўваюць.Часам, калі Роўлінг піша адзін сказ, раптам у рускім перакладзе з’яўляецца 3–5 сказаў з тлумачэннямі таго папярэдняга сказа. Тлумачыліся пачуцці школьнікаў, яшчэ нейкія рэчы, у цэлым відавочныя чалавеку, які мае імпатыю і разумее, што адбываецца. У маім перакладзе такіх рэчаў няма. Я лічу, што беларускія дзеці не дурнейшыя за брытанскіх. Калі брытанскім дзецям не трэба нешта тлумачыць, то і нашым не трэба.

Які быў самы складаны момант, урывак для перакладу?

- На шчасце, мне вельмі добра працавалася з гэтай кнігай, бо я вельмі хацела яе перакладаць. Больш за ўсё ўжо пасля перакладу я думала пра ўласныя імёны, заклёны, вуліцы.
Уласна, першы сказ — адзін з самых запамінальных пачаткаў твора. Мне хацелася, каб ён чытаўся вельмі гладка, таму беларусізавала назву вуліцы. Так, у арыгінале вуліца называлася Privet Drive, і калі б мы транслітавалі, то гэта была бы Прывет Драйв, вуліца Прывет. Людзі б спатыкаліся аб яе, блыталі б са словам «прывет».

Гэта былі доўгія пошукі. У арыгінале Privet — расліна, адносна невысокі кустарнік, з якога робяцца жывыя агароджы. На рускай «Тисовая улица» — гэта проста памылка. Я знайшла, як выглядае гэта расліна, былі розныя варыянты перакладу: біручына, крушына. Біручынавая вуліца звучыць трошкі дзіўна, не ўсе ведаюць гэтую расліну і як яна выглядае. Крушына — гэта наша найбліжэйшая расліна, яна выкарыстоўваецца з той жа мэтай і гучыць звыкла да назвы вуліцы. Я напісала ў суполку «Роднае слова» ў Facebook, звярнулася да спецыялістаў, зацікаўленых моўнымі праблемамі. І там пацвердзілі маю пазіцыю.

Другая, вельмі вядомая вуліца — Diagon Alley. У назве — чыстая моўная гульня. І я таксама чытала, што рабілі з гэтай вуліцай іншыя перакладчыкі. Па-беларуску гэта вуліца называецца Крывы зывулак.
Дарэчы, пра моўную гульню: па легендзе, Вільня называлася Крывым горадам. Таму гэта беларусізацыя для сваіх. Прыемна, што ёсць дробная моўная магія, прычым з захаваннем сэнсу.

А як наконт імёнаў?

- У асноўным імёны я не перакладала. Напрыклад, Нэвіл Лангботам, вельмі важны персанаж, да якога Роўлінг ставіцца з сімпатыяй. Гэта не смешнае прозвішча, яно не мае мэты паздзеквацца. Наколькі памятаю, імёны студэнтаў я не перакладала і, калі што, Снэйп — канешне Снэйп! Мой падыход — калі было абсалютна гаварковае імя, толькі тады я перакладала.
У арыгінале была прафесар Спраўт, у мяне яна прафесар МакКорань. Яна выкладае догляд за раслінамі і гэта празрыстае імя. І нават атрымалася падобным да англійскага прозвішча.
Так, я таксама не перакладала і назвы факультэтаў. Яны гучаць як у арыгінале, але з беларускімі фанетычнымі асаблівасцямі.

Але ці ёсць у беларускім перакладзе беларускі каларыт? І чаму містар, а не спадар?

- Гэта было адным з самых сур’ёзных пытанняў, якое я канцэптуальна вырашала ў перакладзе. Людзі жывуць не толькі ў Беларусі, ёсць яшчэ і іншыя краіны. У дзяцінстве адна з маіх любімых кніг была «Зборнік казак розных народаў» і да слоў «містэр» і «місіс» я прызвычалася з такога моманту, калі навучылася чытаць. Я не ведала, што ў Беларусі жывуць спадары і спадарыні, але для мяне не было праблемай, што недзе жывуць містары. Я рабіла так, каб мне ва ўзросце 11 гадоў было цікава. Калі адбываецца святочная вячэра, мне б было цікава ведаць, якія там былі англійскія напоі і ежа. Як дзесьці ўжо казала, Гары не будзе есці дранікі і бабку.
Мой асноўны падыход — каб англійская кніга заставалася англійскай нават на беларускай мове. Ведаеце, твор англійскі нават там, дзе мы не чакаем. Напрыклад, Хагрыд піша вельмі кароткі ліст Дамблдору з двух сказаў. І апошні з іх — «Надвор’е — дрэнь». Гэта вельмі па-англійску, у вельмі кароткім паведамленні акрэсліць, якое зараз надвор’е. Ясна, у нас няма такой традыцыі і выглядае трошкі дзіўна. Але для мяне гэта тым больш каштоўна, пакінуць гэтую англійскасць.

Ці выкарыстоўвалі вы ўсё багацце беларускай мовы?

- Мне пішуць сябры, у якіх рускамоўныя сем’і: адзінае, што іх дзеці прачыталі б па-беларуску — гэта Гары Потэр. І тэарэтычна можа скласціся так, што ў кватэры гэта будзе адзіная кніга на беларускай мове.
Рускую мову ў нас ведаюць нават беларускамоўныя. А вось валоданне беларускай рознае. Камусьці пашанцавала вырасці ў сям’і, дзе дома размаўляюць. У кагосьці быў добры настаўнік, у кагосьці дрэнны. А ад гэтага залежыць узровень валодання беларускай мовай.
Я старалася не ўстаўляць вельмі складаных, незразумелых з кантэксту слоў.
Але ў аднаго з персанажаў — Хагрыда — даволі народная мова, там ёсць народныя выразы. Гэта мова, з якой дзеці з школе не сутыкаюцца. Магчыма, яна не будзе нечым незвыклым для тых, у каго засталіся родныя ў вёсках.

Як адбывалася ваша знаёмства з англійскай культурай, бо напэўна вам трэба было глыбока ведаць яе?

- Умоўна кажучы, я паглыблялася ў яе ў працэсе перакладу. На жаль, колькасць вандровак у Англію ў мяне прыблізна 0. Я шмат чытала, ёсць цэлыя сайты пра ўсё, што датычыцца чароўнага свету. Нават прысвечаныя ўсім відам ежы, напояў з рэцэптамі. Я даволі шмат кансультавалася з навуковымі працамі, з навуковымі артыкуламі пра Гары Потэра.

Ужо 20 гадоў кніга перакладаецца на розныя мовы. Ці ціснула на вас тое, што мы пачынаем толькі зараз?

- Калі перакладаеш любы твор, падобная сітуацыя будзе. І ясна, што адказнасць была, бо гэта вельмі папулярны твор. Але ў цэлым я была ў лепшым становішчы, было крыху прасцей — усе кнігі ўжо выдадзеныя ў арыгінале. Калі перакладчыкі пачыналі з самага пачатку, у іх былі некаторыя праблемы: высвятлялася, напрыклад, што нешта пераклалі не так. А сёння ўсе ведаюць, чым гісторыя закончыцца, застаецца толькі зрабіць па-беларуску.

Ці ёсць у планах, акрамя асноўных сямі кніг, перакласці дадатковыя — Байкі барда Бідля і іншыя?

- Канешне, я бы хацела перакласці ў ідэале ўсё, што датычыцца свету Гары Потэра. Але не ведаю, ці захочуць людзі пакупаць іх. Я ўсяго толькі перакладчык. 

Опубликовать в Facebook.com Опубликовать в twitter.com